Аб чым пісала глуская раёнка 30 гадоў назад. Гісторыка-сацыяльны праект «Паралелі»
Працяг. Папярэдняя частка — у № 85
№ 18, 12 сакавіка 1994 года
“У перадсвяточныя дні хлебныя прылаўкі магазінаў гарпасёлка літаральна бралі штурмам. Пакупнікі, кожны па-свойму, характарызавалі сітуацыю. Адны гаварылі, што чакаецца чарговае падаражанне хлеба, другія — што камбінат стаў на рамонт. Блізкімі да ісціны былі апошнія. Вось што паведаміў нам дырэктар камбіната кааператыўнай прамысловасці А. Р. Мандзік:
— 5 сакавіка, у суботу, у нас здарылася невялікая паломка. За тры гадзіны мы адрамантавалі лінію. Невялікі перапынак у рабоце адбіўся на дастаўцы хлеба ў гандлёвыя кропкі. Гэтага было дастаткова, каб выклікаць ажыятаж і рознага роду чуткі сярод насельніцтва…
Відавочна, што нічога звышнатуральнага не адбылося… Аднак хочацца сказаць пра другое: іншы раз неасцярожнае слова, падагрэтае рознага роду чуткамі, можа дрэнна паўплываць на далейшую сітуацыю. Згадзіцеся, непрыгожа, калі перад самым святам разбушаваную чаргу ў дзяжурным магазіне прыйшлося ўтаймоўваць нараду міліцыі…” (Сітуацыя выправілася)
“Здаецца, на паліцах магазіна з’явіліся харчовыя тавары, аднак сельскаму жыхару сталі недаступныя з-за высокіх цэн. У выніку яны доўга залежваюцца на прылаўках, псуюцца, сельскі гандаль церпіць вялікія страты… Кіраўніцтва сельпо прадпрымае ўсе захады для таго, каб захаваць магазіны ў вёсцы, забяспечыць вясковага пакупніка таварамі першай неабходнасці. З гэтай мэтай даводзіцца браць крэдыт у банку. <…> У апошні час… жыхары вёскі [Завалочыцы] сталі заўважаць, што ў дзень завозу тавараў ля магазінаў спыняецца шмат машын. Прыезджыя з гарадоў пакупнікі, маючы на руках грошы, раскупляюць тавары… Некаторыя нават не даходзяць да гандлёвай залы. Таму зразумела трывога старшыні камісіі кааператыўнага кантролю за лёс трох халадзільнікаў, якіх нават не ўбачылі сельскія пакупнікі…” (Тавар мінае магазін)
№ 19, 16 сакавіка
“Пасёлак Шманевітц… Здавалася б, што можа звязваць гэты зусім невялікі… населены пункт з Беларуссю, а тым больш з Глускам? Але менавіта там праходзіла двухтыднёвы курс навучання група з 15 фермераў, у складзе якой давялося быць і двум прадстаўнікам нашага раёна — мне і віцэ-прэзідэнту беларускага саюза фермераў Сяргею Марусу. Прычым ездзілі не адны, а з жонкамі, сваімі першымі і галоўнымі памочніцамі… Пятнаццаць дзён, праведзеных у Германіі, аказаліся ў аднолькавай ступені карыснымі, незабыўнымі ў эмацыянальным плане… (М. Сапега, старшыня раённай асацыяцыі фермераў)”.
(Фермеры вучацца ў Германіі)
№ 21, 23 сакавіка
“Цяжкае становішча склалася ў капітальным будаўніцтве. З-за адсутнасці сродкаў фінансавання многія жылыя дамы так і засталіся незакончанымі… Нямала турбот даставіла кіраўніцтву эксперыментальнай базы “Глуск” будаўніцтва 12-кватэрнага жылога дома. Тут выканан толькі першапачатковы фронт работ: падмурак, сцены… будуць дабудоўваць дом гаспадарчым спосабам… У калгасе імя Калініна распачата будаўніцтва 17 двухкватэрных дамоў. Для завяршэння яго адсутнічаюць сродкі… прапанавана вырашыць пытанне аб продажу кватэр калгаснікам… Некалькі гадоў назад была распачата рэканструкцыя інтэрната ПМК-86 пад жылы дом. Праведзена атынкоўка сцен, пракладзены водаправодныя трубы. Далей справа не пайшла з-за адсутнасці грошай… Нямала нявырашаных пытанняў звязана з будаўніцтвам 70-кватэрнага жылога дома ў Глуску. І асноўнае з іх — дзе ўзяць грошы? Вырашана: 50 мільёнаў, якія павінны паступіць з вобласці, будуць аддадзены на завяршэнне будаўніцтва”. (Дамы — дабудаваць)
“Заметка ў нумары 18 за 12 сакавіка не можа пакінуць раўнадушным нікога. Так і хочацца зрабіць заўвагу
дырэктару камбіната кааператыўнай прамысловасці: навошта гэтыя спасылкі на паломку печы, калі ў дзень выхаду ў свет вышэйназванага нумару ўсё стала ясна. Людзі ведалі, што цэны на хлеб падымуцца, таму стараліся паболей пасушыць сухароў. Тым самым хацелі хоць да з’яўлення травы пратрымаць як-небудзь сваю жыўнасць і выжыць самаму… Простага працаўніка і пенсіянераў пазбавілі магчымасці з’есці кавалачак батону, бо за такія грошы ён не кожнаму па кішэні… А зараз пазбавілі і магчымасці пратрымаць парася або 2—3 куры, каб хоць неяк падтрымаць сваё здароўе. Байкі пра вегетарыянства проста нейкія несамастойныя. Чалавеку патрэбна тое харчаванне, якое закладзена прыродай. Інакш і розум будзе, як у малпы. <…> Яшчэ пройдзе крыху часу, і, здаецца, людзі не вытрымаюць. Пустаслоўем, хлуснёй, прамой спекуляцыяй давядуць народ да шаленства. Некаторыя могуць стаць нават на шлях злачынства. Хаця ў большасці сваёй гэта не злачынцы, а азлобленыя, згалелыя людзі… Нельга спыніць злачыннасць сілай. Патрэбна справядлівасць, каб у цане была чэсная праца, а не спекуляцыя і падман.
(К. Лобах)”. (Патрэбна справядлівасць)
Працяг будзе
Падшыўку гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ