Пабывалі на экскурсіі ў Музеі СШ № 1 Глуска
Дваццаць год назад, 25 лістапада 2004-га, у Глускай сярэдняй школе № 1 адбылася знамянальная падзея: згодна з рашэннем аблвыканкама школа атрымала імя свайго, бадай што, самага знакамітага выпускніка — Сяргея Іванавіча Грахоўскага.
Зазначу, што зносіны з Сяргеем Іванавічам і яго сям’ёй калектыў, педагогі і школьнікі, падтрымлівалі па магчымасці заўсёды, не перарвалася гэтая сувязь і тады, калі паэта не стала. На мерапрыемствах, якія школа ладзіла да ўрачыстых дат, звязаных з Сяргеем Грахоўскім, яго родныя былі пачэснымі гасцямі. За гэты час сабралася даволі ўнушальная калекцыя рэчаў, фотаздымкаў, іншых экспанатаў, звязаных са славутым выпускніком. Частка з іх была выстаўлена ў школьным музеі, нешта захоўвалася ў скрынках і папках. Скажам, і ўмоў асаблівых не было, каб выставіць усё, бо музей займаў невялікі кабінет.
Паўтаруся, для школы пачэсна называцца ў гонар свайго праслаўленага вучня, і да 20-годдзя з моманту прысваення яго імя тут вырашылі аформіць разгорнутую экспазіцыю ў асобным пакоі. Балазе, пасля нядаўняга рамонту Музей школьнай славы размясціўся ў прасторным памяшканні. З запаснікаў дасталі экспанаты, з некаторымі дапамог раённы музей, і аформілі выставу. Запрасілі на экскурсію і нас, журналістаў раённай газеты. Між іншым, рэкамендую пабываць там усім, хто жадае прычыніцца да слова і жыцця паэта.
Пазнаёмілі нас з абноўленай экспазіцыяй дырэктар СШ № 1 Людміла Маеўская і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Гааг, дарэчы, сям’я апошняй была добра знаёма з Сяргеем Іванавічам Грахоўскім.



Самыя каштоўныя экспанаты — гэта, безумоўна, асабістыя рэчы Сяргея Грахоўскага, большую частку іх перадалі ў музей родныя паэта. Тут ёсць пішучая машынка, на якой друкаваў свае вершы Сяргей Іванавіч, настольная лямпа, бюсты Коласа і Пушкіна — гэта любімыя паэты Грахоўскага, іх выявы ён трымаў у сваім кабінеце. Цікавая гісторыя звязана з чамаданам паэта. У адзін з прыездаў Сяргея Іванавіча на Глушчыну ці то зашчапка ў яго чамадане зламалася, ці нешта іншае, адным словам, гаспадары прапанавалі госцю ўзяць іх чамадан, а ягоны так і застаўся ў іх, захаваўся дагэтуль і цяпер стаў неад’емнай часткай музейнай экспазіцыі.





Безумоўна, нямала тут кніг, у тым ліку з аўтографамі паэта. Асобны раздзел займаюць кнігі і матэрыялы, прысвечаныя Грахоўскаму, у тым ліку навукова-даследчыя работы вучняў школы. Некалькі год назад тут пачалі, дарэчы, праект “Яго імем названа школа моя”.
Калі за стол з пісьмовымі прыладамі можна прысесці і зрабіць здымак на памяць, то каля стала з фотаздымкамі можна затрымацца надоўга. Па каштоўнасці гэтая частка экспазіцыі, на маю думку, не саступае асабістым рэчам паэта. Некаторыя здымкі падарыў школе сам Сяргей Іванавіч, у свой час фотаархіў перадала Таццяна Сяргееўна, дачка, да таго ж у школе сабралася столка фатаграфій, зробленых падчас сустрэч і мерапрыемстваў. Тут ёсць як добра вядомыя шырокаму колу здымкі, так і ўнікальныя, якія, можа, нідзе больш і не сустрэнеш (найбольш з асабістага архіва паэта). Напрыклад, здымак 1929 года — рэдкалегія насценгазеты Глускай сямігодкі; фатаграфію перадаў школе Сяргей Іванавіч, на адвароце зроблены яго рукой запіс з прозвішчамі і заўвагамі.

Разглядаючы фатаграфіі, злавіла сябе на думцы, што дзякуючы ім Сяргей Грахоўскі становіцца быццам больш блізкім. А ці не гэта галоўнае для музея: каб наведвальнікі не проста запомнілі нейкія факты з біяграфіі, а адчулі асобу, душу паэта? Найбольш расчуліла мяне фатаграфія, дзе жонка Грахоўскага Валянціна Міхайлаўна з маленькай дачкой Таццянкай: на ім рукою ўжо дарослай дачкі пазначана, што здымак зроблены ў 1949 годзе, пасля паўторнага арышту паэта, здымаліся, каб паслаць яму ў Сібір.
Пішу і разумею, што артыкул атрымліваецца, скажам так, некароткі, хаця ні ў якім разе не ставіла мэтай расказаць пра ўсё, што ёсць у музеі СШ № 1. Хочацца ў першую чаргу перадаць свае ўражанні, а іх, як высвятляецца, нямала. Асабліва прыемна, што школа не забываецца на сваю гісторыю, яна ў яе багатая і доўгая. Між іншым, захаваўся ліст 1964 года, у якім вучні запрашаюць Грахоўскага на 100-годдзе школы.


Экспазіцыя, прысвечаная паэту, — гэта толькі частка музейнай калекцыі, а колькі яшчэ таго, што можна збіраць, захоўваць і расказваць новым вучням, новым пакаленням. Энтузіязм у вачах нашых экскурсаводаў дае спадзяванне: Музей школьнай славы будзе папаўняцца.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара