Настаўніцкае свята ў Глускай санаторнай школе
Урачыстасць, прысвечаная Дню настаўніка, прайшла напярэдадні свята ў Глускай санаторнай школе-інтэрнаце. Дырэктар установы Святлана Лісіца павіншавала калег вельмі кранальным вершам пра настаўнікаў, падзякавала за іх творчую і надзвычай адказную працу, а потым уручыла кветкі і ўзнагароды ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Ганаровыя граматы атрымалі сацыяльны педагог школы Алена Марціновіч, выхавацель, настаўнік абслугоўваючай працы Ала Кулік, выхавацель Наталля Бабак, настаўнік матэматыкі Юлія Іванова. А потым быў прыгожы музычны падарунак ад вучняў іх настаўнікам і выхавацелям — кампактная па памерах, але разнастайная па форме віншавальная праграма. Застаецца толькі здзіўляцца, як за такі кароткі тэрмін, што прайшоў з пачатку года, можна было выявіць юныя таленты і падрыхтаваць такі канцэрт. Яго па годнасці ацанілі і былыя работнікі школы-інтэрната, якіх таксама запрасілі на гэтае свята. Для ветэранаў працы сустрэча прадоўжылася чаяваннем і цёплымі размовамі-ўспамінамі.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота аўтара
Больш фатаграфій тут