Сем зваротаў за два дні паступіла ад жыхароў раёна да старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра Кнігі
У сераду на мінулым тыдні ён праводзіў прыём грамадзян па асабістых пытаннях, а ў суботу — прамую тэлефонную лінію. Некаторыя з узнятых праблем цягам прайшоўшых дзён пачалі вырашацца, па некаторых атрыманы адказы. У прыватнасці, адно з пытанняў тычылася навядзення парадку на месцы некалі згарэўшага дома па вуліцы Энгельса: будынак працяглы час ніхто не аднаўляе, селішча прыйшло ў запусценне, зарастае, там стварылася звалка, што, зразумела, не спрыяе бяспецы суседзяў і не дабаўляе прыгажосці пейзажу. Як паведамілі рэдакцыі ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян, згодна з даручэннем кіраўніка раёна адпаведныя службы звязаліся з уласнікам участка і дамовіліся наконт зносу рэшткаў дома (у адпаведнасці з заканадаўствам).
Па другім паступіўшым звароце таксама ўжо падрыхтаваны адказ. Гаворка ідзе пра норму рэалізацыі цвёрдых відаў паліва: жыхарка Глуска прыйшла з тым, што для яе патрэб не хапае той колькасці паліўных брыкетаў, якую выпісваюць насельніцтву. Адказ у раённы выканаўчы камітэт на зроблены запыт ужо прыйшоў з філіяла “Бабруйскі гаррайпалзбыт”. Там паведамляецца, што нормы водпуску цвёрдых відаў паліва, рэалізуемага насельніцтву вобласці па фіксаваных рознічных цэнах, устаноўлены рашэннем Магілёўскага аблвыканкама. На адно домаўладанне прадугледжана 3 тоны брыкету або 4,9 кубаметра дроў, пры рэалізацыі адначасова двух відаў паліва чалавеку могуць выпісаць 2 тоны брыкету і 2,6 кубаметра дроў. Зараз тона брыкету па фіксаваных рознічных цэнах каштуе 29 рублёў 21 капейку, кубаметр дроў 9 рублёў 53 капейкі. Звыш устаноўленай нормы паліва насельніцтву таксама адпускаецца, але па свабодных цэнах: тона брыкету абыдзецца амаль у 215 рублёў, куб дроў — каля 69 рублёў.
Аператыўна было вырашана пытанне, з якім жыхарка Глуска звярнулася на прамую лінію, гаворка ідзе пра падтапленне прыдамавой тэрыторыі на завулку Луначарскага — ваду адкаталі ў той жа дзень. А вось пракладка аптавалакна (такой перспектывай цікавіўся жыхар гэтага ж завулка), як вынікае з дасланага адказу, запланавана на 2024 год. Жыхар Калаціч пазваніў і запытаўся, ці не маглі б падоўжыць канаву за яго агародам, каб адвесці талую ваду. Як высветлілася пасля выезду на месца спецыялістаў “Вадбуда”, названая канава не з’яўляецца меліярацыйным каналам, яна пракапана там самавольна, патрэбныя земляныя работы арганізацыя можа выканаць, але на платнай аснове, па заяве грамадзяніна.
Т. ЛУКАШЭВІЧ