БПЦ папярэджвае аб псеўдазборшчыках ахвяраванняў на будаўніцтва храма ў Расіі
«Паслядоўнікі» забароненага ў служэнні расійскага іерасхіманаха Дзімітрыя (Баканіна) былі заўважаны ў Беларусі, паведамілі ў інфармацыйным цэнтры прападобнага Макарыя Пінскага пры місіянерскім аддзеле Пінскай епархіі БПЦ.
«Іх бачылі ў Пінскай епархіі. Людзі ў манаскім адзенні збіраюць ахвяраванні нібыта на будаўніцтва храма ў Шуйскім раёне Іванаўскай вобласці Расіі і манастыра Сабора Багародзіцы ў вёсцы Абрамцава Маскоўскай вобласці. Гэта махляры», — расказалі ў Пінскай епархіі.
Псеўдазборшчыкамі кіруе забаронены ў служэнні іерасхіманах Дзімітрый — па пашпарце Баканін Уладзімір Васільевіч. Гэта значыць фактычна цяпер ён не з’яўляецца свяшчэннаслужыцелем. Адпаведны ўказ выдадзены епіскапам Ніканам — кіраўніком Шуйскай епархіі РПЦ — яшчэ ў 2013 годзе. Уладзімір Баканін — кіраўнік псеўдаправаслаўнай арганізацыі «Православный странноприимный дом «Собор всех икон Пресвятой Богородицы» пры фондзе міласэрнасці і падтрымкі інвалідаў, састарэлых і дзяцей-сірот «Наш Дом». Ніякіх афіцыйных дакументаў для будаўніцтва храма ў Шуйскім раёне і манастыра ў Маскоўскай вобласці ён не афармляў і не мае дачынення да праваслаўнай царквы. Усе сабраныя сродкі Уладзімір Баканін траціць паводле свайго меркавання.